| ТК СНТТ |
|
| Структура | Склад | Адреса | Засади | Правопис | Конференція | Семінар | Термінографія | Вісник | Товариство | Комісія | Оголошення | Хто є хто | Архів | |
ВІСНИК
Національного університету «Львівська політехніка»
Серія «ПРОБЛЕМИ УКРАЇНСЬКОЇ ТЕРМІНОЛОГІЇ»
№ 675
Ляшчынская В. Узаемадзеянне тэрміналагічных і фразеалагічных адзінак мовы / Вольга Ляшчынская // Вісник Нац. ун-ту «Львівська політехніка». Серія «Проблеми української термінології» – 2010. – № 675. – С. 139–143.
УДК 811.161.3’373:398.9:811.161.3’373’46
Вольга Ляшчынская
Гомельський державний університет імені Франциска Скорини, Республіка Білорусь
УЗАЕМАДЗЕЯННЕ ТЭРМІНАЛАГІЧНЫХ І ФРАЗЕАЛАГІЧНЫХ АДЗІНАК МОВЫ*
© Ляшчынская В., 2010
У статті на матеріалі фразеологізмів білоруської літературної мови, які виникли в результаті переходу термінологічних одиниць у фразеологічні одиниці, простежено процес їх формування, виявлено особливості термінологічних і професійних фразеологізмів, проілюстровано зв’язок термінології та фразеології. Когнітивний підхід до вивчення таких фразеологізмів розкриває процес мислення, виявляє джерело здобування знань.
Ключові слова: термінологічна одиниця, вторинна номінація, детермінологізація, фразеологічна одиниця, деетимологізація.
In the article the process of the forming of Byelorussian phraseology units, which appear as a result of the transition of the terminology units in the phraseology units, is retraced. The features of the terminology and professional phraseology units are revealed and the connection of the terminology and phraseology is illustrated. Cognitive approach to the study of such phraseology units reveals the mentation and the source of the getting of the knowledge.
Keywords: terminology unit, secondary nomination, determinologization, phraseology unit, deetymologization.
Аналіз тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі літаратурнай мовы прысвечаны найперш выяўленню рознага тыпу семантычных працэсаў, адносін паміж агульнаўжывальнымі і тэрміналагічнымі адзінкамі. Гэтыя пытанні былі аб’ектам вывучэння беларускіх (Л. А. Антанюк, А. Я. Баханькоў, В. П. Красней, Б. А. Плотнікаў і інш.), украінскіх (А. В. Крыжаніўская, І. М. Качан і інш.) і рускіх моваведаў (В. У. Вінаградаў, Р. В. Вінакур, В. П. Даніленка, З. І. Камарова, Л. А. Капанадзе і інш.). У выніку прызнаецца істотнае адрозненне тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі, што тлумачыцца больш строгай экстралінгвістычнай накіраванасцю тэрмінаў, чым забяспечваецца, «з аднаго боку, магчымасць дакладнага вызначэння тэрмінаў і, з другога боку, больш абмежаваная здольнасць тэрмінаў да развіцця полісеміі і сінаніміі» [1, с. 209]. Тэрміны яшчэ адрозніваюцца і тым, што ствараюцца спецыяльна і працэс тэрмінатворчасці ў значнай меры рэгулюецца спецыялістамі. Аднак у даследаваннях падкрэсліваецца і цеснае ўзаемадзеянне тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі, найперш пры характарыстыцы тэрмінаў, што абумоўлена прыналежнасцю і ўтварэннем іх на аснове і паводле законаў агульнаўжывальнай лексікі.
Цікавым і важным, на наш погляд, з’яўляецца вызначэнне і адваротнай сувязі ўзаемадзеяння агульнаўжывальных і тэрміналагічных адзінак (ТА) мовы, адным з праяўленняў якога з’яўляецца пераход ТА ў фразеалагічныя адзінкі (ФА).
Так, у тэрміналогіі самым прадуктыўным, відаць, ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі спосабам ўтварэння тэрмінаў з’яўляецца сінтаксічны, і паводле колькасці слоў-кампанентаў такія тэрміны, як і ФА, мінімум двухкампанентныя, напрыклад, у фізіцы: інфрачырвонае выпрамяненне, элементарны электрычны зарад і інш. Менавіта тэрміны такога тыпу ўтварэння становяцца крыніцай узнікнення ФА, якія, як і ТА, вызначаюцца сваёй семантыкай.
Мэта артыкула — выявіць асновы, прасачыць працэс пераходу ТА ў ФА і яго асаблівасці. Метадам суцэльнай выбаркі атрыманы асноўны корпус ФА беларускай літаратурнай мовы (усяго выдзелена каля 200 ФА тэрміналагічнага і прафесійнага паходжання [2]), для даследавання якіх выкарыстаны метад аналізу слоўнікавых дэфініцый ТА і метад аналізу ФА з прафесійнай і тэрміналагічнай крыніцы іх узнікнення.
ТА, выходзячы са сферы свайго звычнага ўжывання ў агульнае выкарыстанне, набываюць другасную намінацыю, якая адносна ўтварэння ФА з прафесійных і тэрміналагічных адзінак адзначаецца як ускосная. У працэсе ўскоснай другаснай намінацыі выкарыстоўваюцца два найменні, адно з якіх з’яўляецца апорным для ўтварэння сэнсу другога, пры гэтым паняційна-моўны змест апорнага наймення служыць пасрэднікам у аднясенні да свету пераасэнсаванай моўнай формы. Акрамя таго, пры ўтварэнні другаснай намінацыі ў акце намінацыі выкарыстоўваецца фанетычнае афармленне ўжо існуючай адзінкі ў якасці імені для новага абазначэння. Напрыклад, тэрмін удзельная вага, выйшаўшы за межы тэрміналогіі, атрымлівае другаснае значэнне, але захоўваецца ў той жа форме, параўн.: 1) тэрмін удзельная вага ў фізіцы азначае ‘адносіны вагі цела пры тэмпературы 0°С да вагі роўнага аб’ёму вады пры тэмпературы 4°С’ і 2) ФА ўдзельная вага чыя, чаго ў чым ‘пэўная роля, значэнне, месца чаго-н. у чым-н.’. Пэўныя групы ці адзінкавыя ФА, крыніцай утварэння якіх з’яўляецца тэрміналогія розных галін навукі, прафесійная мова людзей розных спецыяльнасцяў, характарызуюцца працэсамі метафарызацыі, дэтэрміналагізацыі і яскравым працэсам дээтымалагізацыі, як, напрыклад, ФА ісці/пайсці па лініі найменшага супраціўлення ‘выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, пазбягаючы перашкод’, які ўтвораны на аснове тэрміналагачнага словазлучэння ў фізіцы, якое абазначае выбіральнае праходжанне току па лініі з найменшым эектрычным супраціўленнем).
Утварэнне новай адзінкі на базе існуючай, у нашым выпадку ФА на аснове ТА, характарызуецца, паводле нашых назіранняў, трыма ці дзвюма важнейшымі асаблівасцямі. Найперш адбываецца страта тэрміналагічнага значэння, затым назіраецца набыццё пераноснага значэння, звязанага з тэрміналагічным. ТА, што набылі новыя сферы выкарыстання, набываюць дадатковыя канатацыі, якія вядуць да іх поўнай дэтэрміналагізацыі, пад якой разумеецца пераход тэрміналагічных слоў і словазлучэнняў у выніку метафарычнага пераасэнсавання, страты сваіх сувязяў з пэўным тэрміналагічным полем і іх поўнага асваення мовай мастацкай літаратуры [3]. Адбываецца фразеалагізацыя спецыяльных адзінак мовы ў выніку працэсаў дэтэрміналагізацыі, метафарызацыі і дээтымалагізацыі. Фразеалагізацыя тэрмінаў і прафесійных устойлівых выразаў прадыктавана агульнамоўнай тэндэнцыяй да іх ужывання ў пераносным вобразным значэнні. Менавіта дзеянне гэтых працэсаў як моўных фактаў і экстрамоўных адзнак іх працякання абумовіла ўзнікненне значнай колькасці фразеалагізмаў на аснове тэрміналагічных і прафесійных адзінак.
Аналіз фразеалагічнага значэння, напрыклад, ФА залаты фонд ‘самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае’, параўнанне і супастаўленне яго з дэфініцыяй аднолькавага паводле лексічнага і фанетычнага афармлення словазлучэння-тэрміна залаты фонд ‘дзяржаўны фонд золата ў злітках і манетах, які захоўваецца ў цэнтральным эмісійным банку або казначэйстве краіны’ дазваляе з поўным правам сцвярджаць наяўнасць этапаў працякання пераходу тэрмінаў у ФА і паслядоўнасці аднаго этапа за другім. Так, дзякуючы выкарыстанню ў агульнаўжывальнай мове тэрміны дэтэрміналагізуюцца, іх пачатковае значэнне пачынае разыходзіцца з яго новым значэннем. Праз пэўны час устойлівае словазлучэнне губляе сувязь са сваім утваральным, страчвае агульнамоўную матываванасць і паступова праходзіць яго дээтымалагізацыя, што суправаджаецца метафарызацыяй значэння. У выніку з’яўляецца ФА і шырока выкарыстоўваецца як новая і адметная адзінка мовы і маўлення, што асабліва выразна ілюструе іх выкарыстанне ў літаратуры: Вершы Пімена Панчанкі ваеннага часу, самыя пранізлівыя, самыя адкрытыя, увайшлі ў залаты фонд усесаюзнай паэзіі. Р. Барадулін. Вось чаму з цягам часу без гісторыка-этымалагічных пошукаў цяжка ўстанавіць сувязь ФА з яе тэрмінам-прататыпам, асабліва гэта характэрна тым носьбітам мовы, якія з прычыны аддаленасці ад пэўнай сферы дзейнасці чалавека, з улікам часавага прамежку пераходу ад тэрміна да фразеалагізма не могуць без спецыяльнай падрыхтоўкі, без спецыяльнага даследавання ўстанавіць вытокі ФА.
У выніку можна адзначыць, што працэс утварэння фразеалагізмаў ад былых тэрмінаў праходзіць тры важнейшыя этапы: на першым этапе ўтварэння другаснай намінацыі тэрмін, які выкарыстоўваецца ў пэўнай прафесійнай сферы, дэтэрміналагізуецца, і яго пачатковае значэнне пачынае разыходзіцца з яго новым значэннем; на другім этапе ўстойлівае спалучэнне страчвае агульнамоўную матываванасць, г. зн. адбываецца яго дээтымалагізацыя; на трэцім этапе былы тэрмін набывае пераасэнсаванае метафарычнае значэнне і ўваходзіць у агульны фразеалагічны склад мовы як новая адзінка фразеалагічнага ўзроўня.
Аднак маюцца групы фразеалагізмаў, працэс фразеалагізацыі тэрмінаў-прататыпаў якіх адбываецца адметна ад папярэдніх — у два этапы, у прыватнасці, гэта характэрна ваенным, спартыўным, тэатральным, музыкальным і ншым паводле паходжання фразеалагізмам. Адметнасць утварэння гэтых груп ФА абумоўлена экстралінгвістычнымі фактарамі, такімі, у прыватнасцІ, абставінамі, як месцам і роляй, напрыклад, ваенных дзеянняў (войны, ваенныя вучэнні і пад.) у жыцці кожнага народа, актыўным удзелам шырокіх мас у ваенных падзеях і вайсковых падраздзяленнях (армія, вайсковая павіннасць грамадзян краіны, вайсковыя навучальныя ўстановы і пад.), адлюстраваннем ваенных падзей, асабліва Вялікай Айчыннай вайны ў мастацкай літаратуры і інш. Праўда, гэты ж пазамоўны фактар выклікае ў выніку двайную актуалізацыю тэрмінаў, г. зн. словаспалучэнні выкарыстоўваюцца адначасова ў прамым (тэрміналагічным) і пераносным (фразеалагічным) значэннях. У кантэксце рэалізуюцца абодва значэнні ФА.
Прааналізуем працэс фразеалагізацыі і адметнасць яго працякання на матэрыяле спартыўных фразеалагізмаў паводле свайго паходжання тыпу вагавая катэгорыя ‘ўплывова-ацэначная вартасць, велічыня каго- ці чаго-н.’; выбіваць/выбіць з сядла ‘пазбаўляць каго-н. цвёрдай упэўненасці ў сабе, выводзіць са стану раўнавагі’; гуляць у адны вароты ‘дзейнічаць аднабакова з непрыманнем чужых поглядаў, інтарэсаў і пад.’; класці/пакласці на <абедзве> лапаткі ‘перамагаць у якой-н. справе’; націскаць / націснуць на ўсе педалі і інш.
Шырокае распаўсюджанне фізкультуры і спорту ў масы і шырокае адлюстраванне спартыўнага жыцця на старонках друкаваных выданняў рознага тыпу, па радыё і на тэлебачанні прывяло да пашырэння сфер ўжывання спартыўных тэрмінаў, якія сталі пераасэнсоўвацца і далі магчымасць для ўтварэння на іх аснове ФА. Апошнія як адзінкі другаснага наймення найбольш ярка адлюстроўваюць своеасаблівы спосаб і асаблівую якасць адлюстравання свету свядомасцю чалавека.
Аналіз ФА і ТА-прататыпаў паказвае іх цесную сувязь не толькі паводле аднааформленасці, але і на ўзроўні значэння, ці выразна праяўляецца ўзаемадзеянне прамога і пераноснага значэнняў. ФА, утвораныя на аснове ТА, не толькі атрымліваюць новыя фразеалагічныя значэнні, але і выкарыстоўваюцца для вобразнай характарыстыкі і ўзмацнення суб’ектыўнай ацэнкі асобы ці факта, для перадачы экспрэсіі і эмацыянальнага стану таго, хто ўжывае іх. Так, спартыўны тэрмін выбіваць/выбіць з сядла абазначае сітуацыю, вынік конных спаборніцтваў, калі пераможцам лічыцца той, хто выбівае з сядла вершніка. У аснову ФА выбіваць/выбіць з сядла, утворанай на аснове спартыўнага тэрміна, кладзецца вобраз выбітага з сядла вершніка, але выраз метафарызуецца, і тут метафару неабходна разглядаць як ментальную аперацыю, як спосаб пазнання, структуравання і тлумачэння абагуленага становішча. У выніку ўзнікае новае фразеалагічнае значэнне ‘пазбаўляць каго-н. цвёрдай упэўненасці ў сабе, выводзіць са стану раўнавагі’. Такая ФА характарызуюцца жывой унутранай формай, дзякуючы чаму яе значэнне суадносіцца як з літаральным значэннем кожнай з лексем адзінкі, так і са значэннем прататыпа, але пры гэтым пераасэнсаванае значэнне ФА становіцца метафарычным і валодае вобразнасцю, надаючы выказванню выразную стылістычную афарбоўку, як у наступным кантэксце: Я ўжо навучыўся валодаць сабою, але любое спачуванне таварышаў па палаце адразу ж выбівала мяне з сядла… (У. Дамашэвіч).
Ілюстрацыяй такога ж працэсу з’яўляецца ФА класці / пакласці на <абедзве> лапаткі ‘перамагаць у якой-н. справе’, які мае сваім вытокам спартыўную ТА — класці/пакласці на абедзве лапаткі, што выкарыстоўваецца ў спартыўнай барацьбе, калі перамога дастаецца таму, хто паклаў свайго суперніка на лапаткі (плячыма на падлогу). Пры пераходзе ТА ў ФА (у выніку працэсу метафарызацыі) у апошняй назіраецца сумяшчэнне і нарашчэнне семантыкі, ці выдзяляюцца, як адзначаюць А. Н. Баранаў і Д. А. Дабравольскі, тры яе значэнні. «Першае — найбольш блізкае да зыходнага фрэйма — ‘лёгка перамагаць каго-н. у спартыўных спаборніцтвах, што асэнсоўваецца як крытэрый перамогі ў класічнай, вольнай і да т.п. барацьбе» (Наш цяжкаатлет атрымаў поўную перамогу, паклаўшы на лапаткі свайго суперніка). «Другое значэнне адносіцца да канфлікту любога тыпу, за выключэннем дыскусій, спрэчак і да т.п., а таксама спартыўных спаборніцтваў: ‘перамагчы каго-н. у канфлікце, які прадугледжвае прымяненне сілы, што асэнсоўваецца як крытэрый перамогі ў класічнай, вольнай і да т.п. барацьбе’» (У пытанні пра газ Пуцін паклаў на лапаткі свайго апанента). «Нарэшце, апошняе значэнне — гэта канцэптуальны канфлікт, які рэалізуецца найперш у моўнай сферы: ‘перамагчы каго-н. у спрэчцы, дыскусіі і да т.п., што асэнсоўваецца як крытэрый перамогі ў класічнай, вольнай і т.п. барацьбе» (Вымушаны прызнаць, што сваімі аргументамі і красамоўнымі фактамі сусед паклаў мяне на абедзве лапаткі ў нашым спаборніцтве, хто лепш ведае) [4, с. 241]. Як відаць, у ТА выяўляецца больш канкрэтная сітуацыя (спартыўная барацьба), а ў ФА, якая з’яўляецца другаснай у адносінах да першай, — больш абстрактная (любы канфлікт).
Хто знаёмы з гульнёй у шашкі, шахматы, зразумее і ўсвядоміць, што вытокі ФА гульня ў паддаўкі ‘хітраватая згода, утойванне чаго-н. ад каго-н.’; раз-два і ў дамках (-і) ‘вельмі хутка можа быць зроблена’; ход канём ‘спрытны, абходны манеўр’ — мова аматараў гульні ў шашкі і шахматы, дзе зноў жа ў ФА адзначым сумяшчэнне прамога і пераноснага значэнняў з дадатковай канатацыяй.
Асабліва шырокае выкарыстанне спартыўных паводле паходжання ФА ў публіцыстычнай і мастацкай літаратуры (як, напрыклад: Дзякуй богу, адышлі ўжо ў мінулае часы, калі на старонках газет і на пасяджэннях размахвалі крытычнаю дубінкай ды вучылі так, што, бывала, аўтары траплялі ў накаут. (І.Мележ); Рэдакцыя таксама прызвычаілася гуляць у адны вароты, заціскае рот апанентам... (У. Агіевіч); Дабрэню пачынала надакучваць гэтая гульня ў паддаўкі: што б ён ні сказаў, Лёнька адразу ж пагаджаўся... (А. Асіпенка) і інш.). На аснове гэтых, як і іншых спартыўных паводле паходжання ФА, выразна выяўляецца той факт, што тут нельга гаварыць пра поўную дээтымалагізацыю.
Працэс дээтымалагізацыі як заключны сведчыць пра невыразнасць унутранай формы ФА. У выніку аналізу тэрміналагічных і прафесійных ФА дээтымалагізацыя характэрна, як правіла, найбольш тым ФА, якія бяруць пачатак з мовы людзей самых розных прафесій, але асабліва тых, што зніклі ці знік пэўны від дзейнасці, пэўны паказчык страціў сваю актуальнасць. Напрыклад, у ФА заводзіць катрынку ‘дакучліва гаварыць пра адно і тое ж’; завесці <сваю> катрынку ‘пачаць дакучліва гаварыць пра адно і тое ж’; круціць катрынку ‘надакучліва гаварыць адно і тое ж’ захавана інфармацыя пра катрынку ‘пераносны механічны арган у выглядзе невялікай скрынкі, на якім ігралі вандроўныя музыканты’, ці ФА першай гільдыі ‘найвышэйшай якасці, адметны (майстар, штукар і пад.)’ адлюстроўвае веды пра самую высокую — першую гільдыю падзелу купцоў у царскай Расіі паводле выдзеленых трох у залежнасці ад велічыні капіталу.
Дээтымалагізацыя характэрна і для тых ФА, якія ўзніклі з прафесійнай і тэрміналагічнай лексікі, але ўжо не ўсведамляюцца такімі, паколькі адбыліся змены ў прафесійнай сферы дзякуючы прагрэсу, тэхнізацыі, удасканаленню прафесійнай дзейнасці чалавека. Так, працэс дээтымалагізацыі характарызуе ФА, крыніцай якіх стала мова, напрыклад, аптэкараў: ні грана ‘пра поўную адсутнасць чаго-н.’, ні на гран ‘ніколькі, зусім (не мець, не хваляваць і пад.)’, дзе гран — гэта даўнейшая мера аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама. А ФА, у аснове вобразаў якіх пакладзены ўяўленні пра рыбную лоўлю з дапамогай вуды і кручка, даводзяць да нас устаноўкі нашых продкаў пра тое зло, насілле, калі адзін чалавек падпарадкоўвае сабе іншага, парушаючы закон «на ўсё воля Бога»: ісці на вудачку; клюнуць на вудачку/кручок; пападаць на кручок/вуду. Тут кампаненты кручок, вуда выконваюць ролю прадметаў падпарадкавання чалавека (рыбкі). Вобраз ФА без сучка і <без> задзірынкі ‘вельмі лёгка, добра, без перашкод і ўскладненняў (ісці, выходзіць і пад.)’ і ‘вельмі добры, без заган і недахопаў’ і ФА ні сучка ні задзірынкі ‘ніякіх недахопаў (не знаходзіць, няма, не было і пад.)’ ствараецца метафарычным увасабленнем любога дзеяння, якое працякае ў працэсе апрацоўкі дрэва, дошкі да ідэальнай гладкасці, а кампаненты сучок і задзірынка — астаткі, няроўнасці на дошцы пасля яе апрацоўкі, таму без іх дошка ідэальна гладкая. Гэтыя ФА выступаюць эталонам узроўню, меры любой справы ці яе ацэнкі пасля выканання. ФА на адзін капыл абавязаны ўжыванню ў працы шаўцоў прылады іх працы — капыла ‘кавалка дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’. Кампанент капыл у складзе ФА суадносіцца з прадметным кодам культуры, у якім адлюстравана ўлітарна-рэчавая ацэнка, і выступае ў ролі эталона падабенства, аднолькавасці, ідэнтычнасці, а ФА стала ўспрымацца як ацэнка, часцей неадабральная, абсалютна чаго-, каго-н. падобнага, напрыклад, прозвішчаў (З польскімі і з малдаўскімі прозвішчамі сяк-так асвойваліся, а прыбыў вялікі этап з Грузіі, і пачаліся пакуты для брыгадзіраў і работнікаў бухгалтэрыі? усе прозвішчы здаваліся на адзін капыл. С. Грахоўскі), выкананай абсалютна аднолькава, без творчасці, без індывідуальнасці працы (Думаў я, думаў, Васіль Іванавіч, і нічога лепшага не мог выдумаць, усё на адзін капыл выходзіць. М. Лынькоў) і інш.
Большасць такіх ФА характарызуюцца скрытай унутранай формай ў іх семантычнай структуры, вызначэнне якой дазваляе найбольш дакладна і поўна раскрыць працэс метафарызацыі, калі метафара ўдзельнічае ў развіцці ведаў, замяняючы старыя веды новымі фактамі, а таксама вызначыць працэс атрымання ведаў, калі раскрыццё ўнутранай формы дазваляе вызначыць маральныя каштоўнасці, устаноўкі і ўяўленні чалавека. Усе такога тыпу ФА — крыніца пазнання закадзіраванай інфармацыі пра чалавека, яго працу, умовы яе і інш. Кагнітыўны падыход да вывучэння нават адной колькасна прадстаўленай групы ФА тэрміналагічнага і прафесійнага паходжання дазваляе вызначыць, як ажыццяўляецца працэс мыслення і як нараджаюцца новыя адзінкі мовы ў выніку ўзаемадзеяння ТА і ФА мовы.
1. Плотников Б. А. Лексикология / Б. А. Плотников // Общее языкознание. [Учеб. пособие для филол. фак. вузов. Н. Б Мечковская, Б. Ю. Норман, Б. А. Плотников, А. Е. Супрун; Под общ. ред. А. Е. Супруна]. — Минск: Вышэйшая школа, 1983. — С. 176–221. 2. Лепешаў І. Я. Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы: у 2 т. / І. Я. Лепешаў. Т. 1 А–Л / І. Я. Лепешаў. — Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. — 672 с. Т. 2. М–Я / І. Я. Лепешаў. — Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. — 704 с. 3. Капанадзе Л. А. Взаимодействие терминологической и общеупотребительной лексики / Л. А. Капанадзе // Развитие лексики современного русского языка. — М.: Наука, 1965. — С. 86–103. 4. Баранов А. Н. Аспекты теории фразеологии / А. Н. Баранов, Д. О. Добровольский. — М.: Знак, 2008. — 656 с.
* опубліковано в редакції автора — ред.